Сокращенное наименование учреждения
БГТУ

На працягу ўсёй сваёй гісторыі наш універсітэт годна займае вядучыя пазіцыі ў адукацыйнай і навуковай сферах. Сёння БДТУ з’яўляецца буйным, шматпрофільным вучэбна-навуковым цэнтрам краіны.

За асаблівыя дасягненні ў сацыяльна-культурным развіцці, шматгадовую плённую дзейнасць па падрыхтоўцы высокакваліфікаваных кадраў і ў сувязі з 80-годдзем з дня заснавання ўстанова адукацыі «Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт» была ўзнагароджана Ганаровым дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь.

20 красавіка 2011 г. Беларускаму дзяржаўнаму тэхналагічнаму ўніверсітэту ўручана Прэмія Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці.

У структуру ўніверсітэта ўваходзяць 10 факультэтаў, 51 кафедра, 4 філіялы кафедраў, 29 вучэбна-навуковых цэнтраў, дзе навучаюцца звыш 13 000 студэнтаў, 130 дактарантаў і аспірантаў. Штогод праходзяць павышэнне кваліфікацыі больш за 400 спецыялістаў розных галін вытворчасці.

Адначасова з падрыхтоўкай інжынерных кадраў па 27 спецыяльнасцях і 58 спецыялізацыях ва ўніверсітэце праводзіцца падрыхтоўка кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі праз магістратуру, аспірантуру і дактарантуру. Ва ўніверсітэце сфарміравана 16 навукова-педагагічных школ, створаны і дзейнічаюць 5 саветаў па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый.

За гады існавання ўніверсітэта падрыхтавана звыш 64 тысяч спецыялістаў, у тым ліку 600 для 38 замежных краін. Яны з’яўляюцца сапраўдным гонарам навучальнай установы і сёння працуюць у лясной, дрэваапрацоўчай, цэлюлозна-папяровай, хімічнай, нафтахімічнай, лесахімічнай, гідролізнай, мікрабіялагічнай, фармацэўтычнай, паліграфічнай і электроннай прамысловасцях, машына- і прыборабудаванні, сістэме стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі, прамысловасці будаўнічых матэрыялаў, ва ўстановах экалагічнага профілю, а таксама ў навуковых і навучальных установах. Сярод іх знакамітыя навукоўцы, лаўрэаты дзяржаўных прэмій, міністры, кіраўнікі буйных вытворчых аб’яднанняў і прадпрыемстваў. Яны сваімі працоўнымі здзяйсненнямі памнажаюць славу роднай Беларусі і нашага ўніверсітэта.

Сучасны ўніверсітэт нельга ўявіць без фундаментальнай навукі і прыкладных даследаванняў. І мы ганарымся тым, што шматлікія дасягненні нашых навукоўцаў прызнаныя ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама на міжнародным узроўні і абароненыя аўтарскімі пасведчаннямі і патэнтамі.

Больш чым за 80 гадоў калектывам універсітэта дасягнуты значныя вынікі, але, нягледзячы на сталы ўзрост, планы далейшага развіцця універсітэта становяцца больш дынамічнымі і грунтоўнымі. Сфарміраваны высокакваліфікаваны калектыў, у якім спалучаюцца ўзрост і мудрасць вопытных выкладчыкаў, апантанасць і творчы ўзлёт маладых. Створана ўнікальная матэрыяльная база, якая з’яўляецца асновай упэўненасці ў новых здзяйсненнях навукоўцаў.